Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!»

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», ініцыятарам і каардынатарам якой з’яўляецца Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”», дзейнічае з 2008 года дзеля паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Кампанію падтрымліваюць і грамадскія ініцыятывы, і бізнес, і інфармацыйныя агенцтвы, і спартовыя клубы, і творцы, і розныя актыўныя крэатыўныя людзі, якія падзяляюць агульную мэту і хочуць бачыць сваю краіну квітнеючай і прагрэсіўнай. Каардынатарамі кампаніі з’яўляюцца Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.

Мэта кампаніі — развіццё беларускага грамадства на глебе нацыянальных каштоўнасцяў. «Будзьма беларусамі!» дапамагае ўсвядоміць і папулярызуе каштоўнасці, што ёсць у нашых людзях, мове, шматвяковай гісторыі і культуры Беларусі. Для нас галоўнае — павага чалавека да беларускай культуры, а не яго этнічная прыналежнасць.

У межах кампаніі ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія дэманструюць, што беларуская культура — сучасная і перспектыўная, а беларуская мова — якасны сродак камунікацыі. Пачынаючы з 2013 года кампанія ідзе пад слоганам «Культура паляпшае жыццё!», дзе панятак «культура» ўжываецца ў шырокім значэнні: не толькі мастацтва, а найперш сістэма каштоўнасцяў, якімі кіруецца ў сваім жыцці чалавек штодня. Гэта і побыт, і стасункі з блізкімі, і сацыяльная адказнасць, і партнёрства, і шмат іншага.